БГЗХА «Хорошки»

Новости

08 августа 2025 года

16 августа Белорусский государственный академический заслуженный хореографический ансамбль «Хорошки» приглашает минчан и гостей столицы в Александровский сквер на концерт выходного дня

Пресса

04 августа 2025 года

«Танец — дело моей жизни»: в чем секрет успеха детской студии хореографического ансамбля «Хорошки»

Новости

31 июля 2025 года

Яркую, интересную театрализованную программу «Жніво» представит ансамбль «Хорошки» 25 сентября на сцене Национального академического театра имени Янки Купалы

  • Главная
  • Медиа
  • Пресса
  • Паўвекавы алмаз «Харошак»
Пресса
24.01.2024

Паўвекавы алмаз «Харошак»

Студзень — час чароўны: навагоднія падарункі і калядныя цуды, новыя надзеі і адкрыцці, зімовая казка і белая таямніца снегу... 
Паўвекавы алмаз «Харошак»

У такую харошую пару 14 студзеня 1974 года нарадзіўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Назва адпавядае сутнасці. Хаця ў сапраўднасці ансамбль атрымаў імя ад назвы вёскі Харошкі, што ў Магілёўскай вобласці. Там у пачатку 1970-х быў запісаны танец «Гусарыкі». 

Фота з архіва БДАЗХА «Харошкі»

Фота з архіва БДАЗХА «Харошкі»

50 гадоў — плён шматвяковых нацыянальных традыцый і непаўторны фальклорны каларыт, увасоблены ў харэаграфічным і музычным мастацтве. Дзякуючы «Харошкам» старадаўнія беларускія танцы атрымалі новае жыццё і сучаснае гучанне, захаваўшы пры гэтым аўтэнтычную народнасць і прыгажосць. Нацыянальнае багацце доўгія гады збіралася падчас экспедыцый па Беларусі. 

Нязменная натхняльніца «Харошак» — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. Дзякуючы яе руплівасці сабраны залаты фонд аўтарскіх праграм, якія з’яўляюцца візіткай беларускай культуры. За паўвека творчасці «Харошкі» аб’ехалі з гастролямі амаль увесь зямны шар. З нядаўніх — выступленне ў Парыжы. У калектыве працуюць заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Святлана Кашталапава-Патаповіч, Фёдар Балабайка, Васіль Прыходзька, Андрэй Макарук, Алена Якубец.

Падарункам да юбілею стаў паштовы праект «50 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі»» — мастацкі маркіраваны канверт і спецыяльны штэмпель. На канверце адлюстравана харэаграфічная кампазіцыя «Пава» — адзін з нумароў залатога фонду ансамбля. Канверт уведзены ў паштовае абарачэнне тыражом 20 тысяч экзэмпляраў. Яшчэ адным падарункам стане юбілейны канцэрт 26 студзеня ў канцэртнай зале «Мінск».

Вясна. Лета. Восень. Зіма. Поры года змяняюць адна адну і, здаецца, паўтараліся мільёны разоў, але кожны раз новыя і чаканыя, кожны раз дораць радасць і адкрыццё. Так і Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Безліч канцэртаў і праграм на аснове фальклору і народных традыцый штораз зачароўваюць і натхняюць. Чаго толькі варты «Полацкі сшытак» — нацыянальны здабытак музыкі XVII ст. Таксама ў рэпертуары такія вядомыя кампазіцыі, як «Гусарыкі», «Весялуха», «Лянсей», «Камарынская», «Субота», «Каляда», «Юр’еў конь», «Беларускае вяселле», «Купальская сюіта», «Вечар у замку», «Сакалінае паляванне» — усяго больш за 80 харэаграфічных нумароў, пастаўленых Валянцінай Гаявой. У чым сакрэт поспеху «Харошак», мы даведаліся ад удзельнікаў калектыву.

Калі гэты артыст толькі выходзіць на сцэну — яму ўжо апладзіруюць. Саліст Фёдар Балабайка, заслужаны артыст Беларусі, танцуе ў калектыве 48 гадоў, амаль яго равеснік, ды не расслабляецца, дысцыплінуе сябе: «Каб не страціць планку, якую маеш, і трымаць яе на ўзроўні. Бо ўніз апусціцца можна заўсёды. Тое, што напрацавана гадамі, складана ўтрымаць. Некаторыя думаюць: вось як выйдзем, як дадзім, а выходзяць — і не атрымліваецца. Усё залежыць ад таго, як працуеш на рэпетыцыях», — перакананы Фёдар Якаўлевіч. Сваім прафесіяналізмам, прызнаецца, абавязаны Валянціне Гаявой і Мікалаю Дудчанку, стваральнікам ансамбля. Карыснай стала іх патрабавальнасць. Артыст аддаў «Харошкам» большую частку жыцця. Адна з важных рыс Фёдара Якаўлевіча — вучыць маладых: «Трэба рабіць, як я, ды яшчэ лепш». «Гусарыкі», «Весялуха», «Віцебская полька», «Местачковы вальс» — непаўторныя нумары без яго не ўяўляліся. Сакрэт поспеху, лічыць, просты — трэба рабіць сваю работу якасна: «Не проста прыйшоў, адбыў, а адпрацаваў стопрацэнтна, атрымаў задавальненне». 

З часу заснавання «Харошак» і загадчык трупы Валянціна Гехт. У яе працоўнай кніжцы — только адно месца працы. «Скончыла дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, якое тады было пры оперным тэатры, і прыйшла сюды», — расказвае Валянціна Васільеўна. Поспех «Харошак» на працягу 50 гадоў тлумачыць так: «Мы нясём на сцэне жыццё. Нашы артысты шчырыя, працуюць не найграна. Гэтым і бяром, што спадабалася ў свой час Ігару Маісееву». Аднойчы ездзілі са справаздачным канцэртам у Маскву, прадстаўлялі Беларусь. Былі і іншыя майстры мастацтваў краіны. І Маісееў адзначыў харэаграфію «Харошак», не падобную на іншыя, згадвае Валянціна Васільеўна: «У нас свой твар. З’явіўся ён дзякуючы мастацкаму кіраўніку Валянціне Гаявой. Гэта яе бачанне». Валянціна Гехт была задзейнічана ва ўсіх праграмах. Першы састаў невялікі: пачыналі з васьмі пар. «Калі стваралі праграму «Беларусы», нас ужо было шмат — каля 30 жанчын і 26 мужчын». Потым прыйшлі маладыя — дапамагалі ім. 

І яны цяпер — гонар калектыву, як, напрыклад, саліст Аляксей Анішчук, які ў «Харошках» 15 гадоў. Гэта ён у славутай «Камарынскай» робіць сальта і розныя трукі, скача на руках. «Я люблю трукачыць. Што да тэхнікі, то ў мяне самая складаная: сальта, флякі, бедуінскі, свечкі». На пытанне, ці не занадта строгія настаўнікі, адказвае: «Хочацца, каб патрабавалі больш — тады працаваць лягчэй. Расслабляцца нельга». Іншы раз ад заўваг можа нарадзіцца крыўда, але танцоры рады прымаць нагрузку: «Заўвагу табе робяць дзеля твайго ж поспеху». Рознасць пакаленняў працуе станоўча, і Фёдара Балабайку маладыя, у прыватнасці Аляксей, успрымаюць як бацьку: «Фёдар Якаўлевіч пастаянна жартуе, весяліцца, падбадзёрвае». Можа, у гэтым і ёсць сакрэт харошкаўскай згуртаванасці на доўгія гады? «Глядзіш на нашых карыфеяў і радуешся, што ў сваім узросце выходзяць на сцэну і працуюць», — кажа Аляксей. З любімых яго нумароў — «Дуда», пастаўленая ўся на тэхніцы. Па душы сталі і лірычныя кампазіцыі, у прыватнасці «Сакалінае паляванне», хараводы. 

«Харошкі» — адзінае месца працы і заслужанай артысткі Беларусі Святланы Кашталапавай-Патаповіч: «Трэба настолькі любіць свой калектыў, якому аддала сэрца, сямейнае жыццё, любоў да харэаграфіі. Хаця мяне запрашаў да сябе Ігар Маісееў», — прызнаецца Святлана Аляксандраўна. «Харошкі» заявілі пра сябе на конкурсе прафесійных калектываў і здзівілі ўсіх, адзначае суразмоўца: «Спаборнічалі дзяржансамбль Сухішвілі-Рамішвілі танца Грузіі, увогуле, усе калектывы з Савецкага Саюза. І нікому не вядомыя «Харошкі», восем пар. І мы стрэлілі так, што ўразілі ўсіх і занялі першае месца». 

Сёння Святлана Аляксандраўна перадае вопыт маладым: «Для мяне галоўнае — фактура. Ёсць, напрыклад, танцоры з фактурай трукачоў, але даводзіцца адкрываць і іншыя грані. Валянціна Іванаўна ставіць геніяльныя пастаноўкі, дзе знаходзіцца месца ўсім: цікавыя карцінкі, абыгроўкі, кадрылі, смешнае. У нас Паша Барадзінчык невысокага росту: здаецца, нестандарт, але так упісваецца, такія вобразы выносіць на сцэну... Гэта заслуга балетмайстра. А я намагаюся дасягнуць правільнаага выканання рухаў, раскрыць эмоцыі і раблю гэта з вялікай любоўю». Сакрэт поспеху «Харошак», лічыць Святлана Кашталапава, у разнапланавых пастаноўках, а яшчэ — у эмоцыях, якія аддаюць артысты: «На нашых канцэртах усе: бабулі, дзядулі, маладыя, дзеці — апладзіруюць, танцуюць, усміхаюцца, а яшчэ кажуць: «Вы нам дапамагаеце жыць»». Служаць мастацтву ў калектыве не толькі музыканты і танцоўшчыкі, балетмайстры, але і касцюмеры. Наталля Дзямбіцкая працуе з 2000 года: «У нас унікальныя нумары, праграмы з беларускімі вытокамі. Валянціна Іванаўна ездзіла ў экспедыцыі па вёсках і збірала па крупінках народнае багацце. Разынка «Харошак» — жывая музыка, аркестр». Яны гараць справай — гэта відаць па зіхатлівых вачах. «Мы з дзяцінства, уся наша сям’я, любілі «Харошкі» і хадзілі на іх канцэрты, — дзеліцца Наталля Дзямбіцкая. — Таму і мой брат Аляксей Гладнеў прыйшоў сюды. Усёй сям’ёй чакалі, калі ён прыязджаў з гастроляў. Без яго не абыходзілася ні адной камандзіроўкі». Натхняючыся харошкаўскім вірам творчасці, майстрыца рада рабіць тое, што ёй падабаецца. «А па-іншаму быць не можа, і выпадковых людзей тут няма», — дадае калега Іна Рогава.

Кожны чалавек тут — у агульнай мазаіцы праекта. «Я ў калектыве з 2007 года і прайшоў шлях ад артыста балета да работніка адміністрацыі, кіраўніка, — дзеліцца Руслан Абдул, дырэктар калектыву. — Лічу, што «Харошкі» валодаюць непаўторным стылем. Мы дорым самабытную культуру». 

Адзін з важных складнікаў іміджу «Харошак», яркая краска — аркестр і вакалісты. Ульяна Гаўрылава працуе ў калектыве 29 гадоў. Яна пераканана, што аркестр — вельмі складаны механізм: гэта работа ансамбля музыкантаў, салістаў і гукарэжысёра: «Мы ганарымся, што працуем ужывую, таму кожны канцэрт унікальны: па настроі, падачы». Калектыў жыве, бо кожнае імгненне — новае прачытанне твора з рознымі акцэнтамі. «Наш матэрыял няпросты па лексіцы і ў музыкантаў, і ў балета. Патрабуе не толькі тэхнічных уменняў, але і дружнага, на адным дыханні, выканання. А кожны творчы чалавек складаны, таму задача — згуртавацца». Ульяне вельмі даспадобы праграма «Полацкі сшытак», калі працуюць разам з балетам, па настроі блізкія «Местачковыя карцінкі».

«Харошкі» сталі лёсам і для вакалістаў. «Першы раз ансамбль я ўбачыў па тэлевізары ў 1975 годзе, — расказвае саліст Віктар Кедала. — Яны здымалі тады фальклорную праграму ў Азярцы. Я дзіцем вельмі ўразіўся, прытым што рос на музыцы Pink Floyd, The Beatles. Падумаў: «Вось бы ў «Харошках» працаваць!». У 1996 годзе я прыйшоў сюды праслухоўвацца, вывучыў увесь рэпертуар. І ў красавіку 1997-га мяне ўзялі. Жыццё змянілася, бо я заўсёды марыў стаць артыстам тэатра, і мара ажыццявілася».

Славіцца калектыў тым, што прадстаўляе фонд беларускай культуры і ў мове, і ў касцюмах, і ў танцавальнай лексіцы. Амаль увесь рэпертуар вакальных кампазіцый па-беларуску. Гэтым вельмі ганарыцца вакалістка Марына Анкуда: «Беларуская мова на генетычным узроўні ўспрымаецца на двесце працэнтаў, і я яе вельмі люблю. Калі мы за мяжой, здаецца, беларуская мова быццам гарманізуе душэўны стан — настолькі яна глыбокая, мяккая і добрая». У калектыве Марына з 2015 года. «Той, хто ўбачыў «Харошкі» адзін раз, носіць іх у сэрцы ўсё жыццё, — пераканана яна. — У свой час я ўбачыла ансамбль падчас навучання ва ўніверсітэце культуры, вельмі ўразілася, і яны сталі пуцяводнай зоркай у маёй творчасці. Сакрэт «Харошак» вельмі просты: трэба быць сумленным. Наша мастацтва сумленнае, адкрытае і нефальшывае».

Публіка ад самых маленькіх да сталых успрымае творчасць калектыву як узор, бо яна якасная, лічыць Марына Анкуда: «Цэняць наш жывы гук, аркестр, шырокую палітру музычных інструментаў, тэмбры галасоў, касцюмы...» У гэтым можна было пераканацца падчас нядаўніх гастроляў «Харошак» у Парыжы. «Не хапала месца ў зале. Прыйшло б людзей у два разы больш, калі б была магчымасць змясціць усіх. Французы, адчувалася, разумелі нашу мову», — расказвае другая вакалістка Вольга Неўмяржыцкая. Яна ў калектыве з 2010 года. Размеркавалася пасля ўніверсітэта культуры: «Для мяне «Харошкі» — штосьці нерэальнае. Я была шчаслівая, калі Валянціна Іванаўна, праслухаўшы мяне, узяла. Яна чалавек з вялікай літары. Захапляюся ёю да гэтага часу. Яе парады бясцэнныя». 

Сапраўды, творчая празорлівасць Валянціны Гаявой адкрыла моцныя бакі многіх удзельнікаў калектыву, а іх каля 70. І цяпер яе справу працягвае новы мастацкі кіраўнік Ірына Грушова. «Я 23 гады працавала артысткай балета. На новай пасадзе наперад гляджу з аптымізмам. Шклянка для мяне заўсёды напалову поўная, і я хачу напоўніць яе да краёў, — гаворыць Ірына Грушова. — Мая задача — захаваць усё, што было створана Валянцінай Іванаўнай, прычым максімальна, і набраць новае пакаленне, каб перадаць назапашаныя ўменні і навыкі: як фальклор — з вуснаў у вусны, так і творчы багаж: ад пакалення да пакалення». 

У чым поспех «Харошак»? Яны вось ужо 50 гадоў зберагаюць беларускі генетычны код. Годная мэта, вартая высілкаў і служэння сцэне. «Сёння папулярны сучасны танец, але ён, па сутнасці, паўсюль аднолькавы, — разважае Ірына Грушова. — Калі мы за мяжу прывязём сучасны танец, усе здзівяцца: а што тут цікавага? А цікавы ж народ, яго характар, яго генетычны код — касцюм, музыка, танец. Пры дапамозе гэтага мы прадстаўляем свае нацыянальныя асаблівасці. У гэтым геній Валянціны Гаявой: хоць яна сама нарадзілася ў Валгаградскай вобласці, у стэпе, дзе руская казацкая культура, ды адчула культуру беларускую, змагла вылучыць канцэнтрат і стварыць алмаз».

Хай жа ён зіхаціць новымі гранямі доўгія гады!

Наталля СВЯТЛОВА

zviazda.by

 

 

  • Главная
  • Новости
  • Коллектив
    • Художественный руководитель
    • О коллективе
    • Гастроли
    • Райдер
    • Школа-студия
    • Оркестр
    • Противодействие коррупции
    • Идеологическая работа
  • Программы
    • «Мы –белорусы» («Времена года»)
    • «Полоцкая тетрадь»
    • «Фольклор»
    • «Туровская легенда»
    • «Прощай, ХХ век» («Бобруйские картинки» и «Местечковые картинки»)
    • «Моя судьба – Хорошки»
  • Медиа
    • Пресса
    • Видео
  • Контакты

 

© 2004 -

БГAЗХА «Хорошки»

 

 

Разработка: ЦВР «Октябрьский»

10-04-25-45 2025-Год благоустройства

 

23 01 25 22Портал рейтинговой оценки

 

Министерство культуры Республики Беларусь
  • BE
  • EN
Instagramm
Facebook
<