БГЗХА «Харошкі»

Навіны

19 красавіка 2022 года

Сардэчна запрашаем вас, шаноўныя сябры, на святочны канцэрт «Ад смутку да вяселля» 10 мая ў Вялікую залу Белдзяржфілармоніі

Прэса

13 красавіка 2022 года

Як «Харошкі» праводзілі снежную пару

Навіны

15 сакавіка 2022 года

Дзіцячая студыя ансамбля «Харошкі» сардэчна запрашае на канцэрт «Вясновыя птушкі», які адбудзецца 31 сакавіка ў Палацы культры ветэранаў

  • Галоўная
  • Медыя
  • Прэса
  • Як «Харошкі» праводзілі снежную пару
Прэса
13.04.2022

Як «Харошкі» праводзілі снежную пару

Як «Харошкі» праводзілі снежную пару

Вясна дорыць акрыленне і ўзнёсласць. Хочацца паскорыцца і закружыцца ад прадчування абуджэння. У кожнай пары года свая меладычнасць. Зімой, напрыклад, шэпт гуллівых сняжынак, гоман вірлівай завеі, подых марознага ветру, што немагчыма не праспяваць, а яшчэ — пратанцаваць. Гэта найлепшым чынам адлюстравалі нядаўна артысты Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» ў канцэртнай праграме «Зімачка», даўшы магчымасць удосталь наталіцца хараством зімовым, каб неўзабаве ацаніць вясновае.

Лірычны танец «Каханачка».

Лірычны танец «Каханачка».

Беларуская народная песня ў музычнай апрацоўцы Уладзіміра Гінько «Разбушуйцеся, буйныя вятры» паўстала з элементамі фольк-року, што надало ёй арыгінальнасці і сучаснасці. Дарэчы, музычныя апрацоўкі Уладзіміра Гінько аздабляюць большасць кампазіцый, ствараючы своеасаблівую візітку ансамбля. Так, музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Завеі» — вытанчанасць не толькі музычнага суправаджэння, але і ўзор увасаблення задумы праз тэатралізаванасць, праз адмысловыя вобразы, створаныя і з дапамогай непераўзыдзеных касцюмаў. Не проста танец, рухі, а інсцэніроўка, якая шматгранна перадае характар дзеі.

Харэаграфія «Харошак» напоўнена глыбінным сэнсам. «Кросны» — танец, рытм якога нагадвае стук кроснаў — старадаўняга ткацкага станка. Дзве пары, дзе мужчыны ў сініх уборах, а жанчыны — у строях, на спіне аздобленых тканай хусткай, выстуквалі сімвалічнае «цок-цок», быццам пераносячы ў традыцыйнае беларускае ткацтва.

Цікавы сюжэт у зімовага танца «Кужалёк». Зачараванасць дзеі пачынаецца з таго моманту, калі дзяўчаты-салісткі паважна, годна, ступаючы ў такт музыцы, нясуць тканыя скруткі... як немаўля. А потым беражліва кладуць. Гэта кужалёк. Яго ткалі ўзімку з ільнянога палатна. Калі пачыналася адліга, палатно рассцілалі на снезе, тапталі, каб яно было мяккае і белае. Гэта выразна паказалі на сцэне — танцавалі на разасланым кужальку, праводзячы запаветную ніць стагоддзяў. Закласці сэнс у кожны танцавальны нюанс і засяродзіць увагу на важнасці традыцый продкаў — у гэтым нязменная задача Валянціны Гаявой, ідэйнай натхняльніцы «Харошак», мастацкага кіраўніка і галоўнага балетмайстра, народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Яе творчыя задумы знаходзяць належнае ўвасабленне, узнімаючы пласты нашай гісторыі. Надзвычай трапяткі момант, калі дзяўчаты-танцоркі клапатліва скручваюць кужалёк і зноў нясуць, як дзіця, на руках. А хлопец у пары неадрыўна, замілавана глядзіць на дзяўчыну. І ў гэтым позірку — усё…

Эмацыянальна насычаныя вакальна-інструментальныя кампазіцыі, як, напрыклад, «Што ж ты не прыйшоў»: «Што ж ты не прыйшоў, // Як месяц узышоў? // Я цябе чакала. // Ці каня не меў? // Ці сцежкі не знаў? // Маці не пускала?» Або казацкая песня: «Ой пад мостам, мостам сонейка ўзыграе. // Ой, нашы казачэнькі конікаў сядлаюць». Ці жартоўная беларуская «Харашуха»: «На вуліцы мокра, // А на ганку суха, // Выйдзі, выйдзі да мяне ты, // Мая харашуха!» У выкананні вакалістаў Марыны Анкуды, Вольгі Неўмяржыцкай, Віктара Кедалы, Мікіты Рубацкага песні прагучалі надзвычай выразна. 

Мастацкі кіраўнік ансамбля «Харошкі» Валянціна Гаявая на біс.

Мастацкі кіраўнік ансамбля «Харошкі» Валянціна Гаявая на біс.

— У гэтай праграме ў нас прэм’еры вакальна-інструментальных нумароў, у прыватнасці «Што ж ты не прыйшоў», — адзначае спецыяліст па рэкламнай камунікацыі ансамбля «Харошкі» Вольга Томкавіч. — У другім аддзяленні — фальклорныя нумары з залатога фонду: «Пава», «Субота» (з 1974 года). Увогуле, больш чым 75 нумароў залатога фонду аўтарства Валянціны Гаявой. Ёсць нумары, якія падлягаюць узнаўленню, — Валянціна Іванаўна будзе над імі працаваць. Больш чым 75 нумароў толькі харэаграфічныя, а яшчэ колькі песень! Ёсць у нас адметныя і інструментальныя кампазіцыі. Да таго ж заўсёды жывая музыка. Напрыклад, у нумары «Барыня» саліруюць музыканты. Ёсць найгрышы — дынамічныя, з найвышэйшым майстэрствам выканання.

Надзвычай эфектна і каларытна глядзелася музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Дрыготка». Чаргаванне лірычнай мелодыі з актыўным рытмам стварае атмасферу перажывання. І нядзіўна: сутнасць танца — падарыць абранніку запаветную хустачку, якую дзяўчына вышыла сама. Гэта сімвал яе кахання, а для хлопца — знак таго, што можна смела ісці ў сваты. Ёй дрыготка — ён, мажны, смелы, у фіялетавым плашчы, захінае яе. Пары мілуюцца. У гэты момант музыка павольная, пявучая, потым жа хуткая, імклівая. Толькі самы годны атрымае запаветную хусцінку…

Не саступае па сюжэтнай насычанасці музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны». Прыгожыя, грацыёзныя, статныя кабеты нясуць як святыню, як увасабленне жыцця ручнік. Ён тут цэнтр, вакол якога разгортваецца маляўнічае прадстаўленне.

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны».

Музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Беларускія мадонны».

Харэаграфічная замалёўка з сялянскага жыцця «Камарынская» — візітка «Харошак»: акрабатычныя скокі, драйв, напал эмоцый не пакідаюць абыякавым нікога. Як і жартоўны танец «Пава» з салістам Ягорам Мельнікавым (раней гэтую ролю выконваў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Фёдар Балабайка). Атмасферу ствараюць галаўныя ўборы танцорак з рознакаляровага пер’я і яркія, пярэстыя касцюмы. Лірычны танец па матывах гарадскога фальклору «Каханачка» — пачуццёвая аддушына. Рамантыку ў парах ствараюць не толькі закаханыя погляды танцораў адно на аднаго, але і адпаведныя сукенкі дзяўчат: яны падобныя да фарфоравых лялек.

Сёння «Харошкам» 48 гадоў. Ствараўся калектыў для выезду за мяжу. Першая краіна, куды «Харошкі» паехалі на гастролі, — Данія. І быў такі поспех, што датчане за ансамблем ездзілі з горада ў горад. Першую ўзнагароду «Харошкі» атрымалі праз тры гады пасля стварэння калектыву. На конкурсе сярод прафесійных калектываў СССР, дзе гасцямі былі ў тым ліку ансамбль Ігара Маісеева, ансамбль танца Украіны імя Паўла Вірскага, «Харошкі» занялі першае месца. Бадай, ніводнае выступленне калектыву не абыходзіцца без авацый і выклікаў на біс, як і гэтым разам, бо гледачоў скарае тое, што нельга падрабіць, — шчырасць.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Источник

  • Галоўная
  • Навіны
  • Калектыў
    • Мастацкі кіраўнік
    • Аб калектыве
    • Гастролі
    • Райдэр
    • Школа-студыя
    • Аркестр
    • Ідэалагічная праца
  • Праграмы
    • «Мы –беларусы» («Поры года»)
    • «Полацкі сшытак»
    • «Фальклор»
    • «Тураўская легенда»
    • «Бывай, ХХ стагоддзе» («Бабруйскія карцінкі» і «Местачковыя карцінкі»)
    • «Мой лёс – Харошкі»
  • Медыя
    • Прэса
    • Відэа
  • Кантакты
© 2004-2017 БДAЗХА «Харошкі»
Распрацоўка: РВПЦ «Кастрычніцкі»
  • RU
  • EN
<